Людзі з абмежаванымі магчымасцямі


Адрозненні паміж людзьмі прыналежаць да Задумы Бога, Які жадае, каб мы патрабавалі адно аднаго. Яны павінны заахвочваць да міласэрнай любові.

Катэхізіс Каталіцкай Царквы, 1946

Па статыстыцы ў Беларусі каля 5,3 % людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта азначае, што на на кожных 19 чалавек прыходзіцца 1 асоба з асаблівасцямі псіхічнага, фізічнага ці разумовага развіцця. А цяпер задумайцеся: ці часта вы бачыце непоўнаспраўную асобу на вуліцы? Калі, напрыклад, вы бачылі (а можа і дапамаглі) чалавеку на калясцы на вуліцы свайго горада (а іх, дарэчы, зарэгістравана каля 20 тысяч у нашай краіне)?

Жорсткая праўда ў тым, што непоўнаспраўныя асобы нібы “схаваныя” у сваіх кватэрах ці інтэрнатах, дзе яны праводзяць абсалютную большасць свайго жыцця. Чаму так? У гэтага ёсць розныя прычыны. З аднаго боку, напрыклад, гэта непадрыхтаванасць і нежаданне самога нашага грамадства з павагай ставіцца да кагосьці, хто з’яўляецца іншым, не такім, як я сам. З іншага боку, самі людзі з абмежаванымі магчымасцямі ( і вельмі часта іх сем’і) маюць выпрацаваны бар’ер сарамлівасці і непаўнавартаснасці, які перашкаджае іх сацыяльнай адаптацыі. Праблема таксама і ў тым, што пасля заканчэння спецыялізаваных школ большасць з іх не мае магчымасці для далейшага навучання ці працы, а таму трапляе ў ізаляцыю. Асоба замыкаецца ў сабе, у яе падае самаацэнка, ўзрастае неўпэўненасць… Часта гэтыя з’явы звязаныя з адсутнасцю безбар’ернага асяроддзя: важныя сацыяльныя аб’екты (бальніцы, паліклінікі, дзяржаўныя і навучальныя ўстановы, крамы, транспарт, музеі, бібліятэкі) непрыстасаваныя для маламабільных груп насельніцтва. У выніку людзі з асаблівасцямі развіцця часта з’яўляюцца самотнымі і амаль не маюць шляхоў для самарэалізацыі, сацыяльных кантактаў і агульнага развіцця. Бацькоўскай любові бывае недастаткова для далейшага паўнавартаснага жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія маюць патрэбу ў кантактах з аднагодкамі, сябрамі, ва ўдзеле ў грамадскім жыцці.

Мэты нашай дзейнасці:

  • пашырэнне ў грамадстве ідэі сацыяльнай роўнасці ўсіх людзей, незалежна ад іх фізічных і разумовых здольнасцяў;
  • пераадоленне комплексаў, якія вядуць да сацыяльнай ізаляцыі людзей с асаблівасцямі развіцця і іх сем’яў;
  • стварэнне сяброўскіх адносінаў паміж маладымі людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, іх бацькамі і валанцёрамі;
  • выхаванне людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў адпаведнасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі;
  • навучанне практычным навыкам, неабходным у штодзённым жыцці.

1. Душпастырства людзей з абмежаванымі магчымасцямі

(Віцебск)

Што мы робім:

  • даследуем індывідуальнае развіццё асобаў з абмежаванымі магчымасцямі, сістэматычна запрашаючы іх на заняткі;
  • рыхтуем заняткі па інтарэсах (танцы, спевы, маляванне, лепка, бісерапляценне, аплікацыя);
  • арганізоўваем духоўна-малітоўныя сустрэчы і выезды на адпачынак;
  • ладзім рэгулярныя інтэграцыйныя акцыі: вечары, дыскатэкі для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі і валанцёраў;
  • дапамагаем ў здзяйсненьні прагулак па горадзе, у наведванні культурных і рэлігійных мерапрыемстваў;
  • навучаем самастойным дзеянням у хатніх умовах (прыбіранню, асабістай гігіене, прыгатаванню ежы, пранню і г.д.);
  • праводзім адукацыйную працу з бацькамі.


2. Клуб «Бэтэль» для асобаў непаўнаспраўных (Віцебск)

Валанцёры Руху дапамагаюць у правядзенні заняткаў клуба “Бэтэль”, які адбываецца пры дабрачынным каталіцкім таварыстве “Карытас” Віцебскай Дыяцэзіі.

Што мы робім:

  • арганізоўваем вечарыны і дыскатэкі для наведвальнікаў клубу;
  • суправаджаем ў экскурсіях і паездках;
  • праводзім душпастырскую і хатнюю апеку.

3. Клуб пры псіха-неўралгічным інтэрнаце

(в. Сялюты, Віцебскі р-н)

У інтэрнаце стала пражываюць 170 чалавек з псіха-неўралгічнымі захворваннямі і парушэннямі апорна-рухальнага апарата. Інтэрнат налічвае 3 аддзяленні, у тым ліку адно – для ляжачых хворых.

Што мы робім:

  • ладзім ранішнікі і святочныя вечары, прымеркаваныя да галоўных хрысціянскіх сьвятаў;
  • праводзім творчыя заняткі: маляванне, аплікацыя, падзелкі, спевы, танцы;
  • адведваем жыхароў інтэрнату ў адзяленнях;
  • дапамагаем у матэрыяльных патрэбах жыхароў інтэрната: сродкі гігіены, адзенне, духоўная літаратура, канцылярскія тавары.

4. Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

Першамайскага раёна (Віцебск)

Што мы робім:

  • ладзім сумесныя мерапрыемствы для ўдзельнікаў цэнтру: вечары, дыскатэкі, акцыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і асобаў састарэлага ўзросту

5. Інтэрнат для дзяцей

з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця (Віцебск)

Што мы робім:

  • праводзім сяброўскія сустрэчы з дзецьмі.

6. Праграма інтэграцыі ў валанцёрства

людзей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця (Віцебск)

Праграма прадстаўляе сабой другі этап сацыялізацыі людзей з асаблівасцямі развіцця.

На першым этапе сацыялізацыі людзі засаблівымі патрэбамі зяўляюцца пасіўнымі слухачамі ці гледачамі, удзельнікамі мерапрыемстваў і акцый. На другім этапе яны самі становяцца лідарамі малых груп, валанцёрамі, памочнікамі ў падрыхтоўцы і правядзенні пэўных акцый і мерапрыемстваў.

Мэты праграмы:

  • стварэнне перадумоваў для інтэграцыі людзей засаблівасцямі развіцця ў сацыяльную дзейнасць (валанцёрства);
  • развіццё самастойнасці і лідэрскіх якасцяў у непаўнаспраўных асобаў;
  • пашырэнне ідэі сістэматычнай інтэграцыі людзей з асаблівасцямі развіцця ўсацыяльную дзейнасць.

Што мы робім:

  • заклікаем асобаў з асаблівасцямі развіцця прымаць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мерапрыемстваў разам з валанцёрамі;
  • навучаем навыкам, неабходным у канкрэтных напрамках дзейнасці;
  • дапамагаем стварыць непаўнаспраўным хрысціянам групы духоўна-малітоўнай падтрымкі і сацыяльнай дзейнасці.

7. Летнікі для людзей

з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця і валанцёраў (Полацк)

Летнікі адбываюцца з 2010 года напрыканцы ліпеня і пачатку жніўня. Расклад дня ў летніку складзены такім чынам, каб асоба магла ўзбагаціцца і духоўна, і інтэлектуальна, і фізічна.

У план летніка ўваходзіць духоўная праграма (Служба Божая паводле ўсходняга абрада, духоўныя разважанні, малітвы, падрыхтоўка да споведзі), творчыя заняткі (варштаты); фізічныя заняткі (зарадка, паход на рэчку, гульні на свежым паветры); разнастайная конкурсна-забаўляльная праграма і проста адпачынак.

Падчас правядзення летнікаў асобы з асаблівасцямі развіцця і валанцёры паздзяляюць між сабою ўсю радасць сумеснага адпачынку і ўзаемнага клопату. Першыя маюць магчымасць адпачыць па-за межамі сваіх сем’яў і інтэрнатаў, знайсці новых сяброў, якіх у іх вельмі няшмат, могуць сустрэцца з Богам у хрысціянскай братэрскай супольнасці. Валанцёры жа маюць цудоўную нагоду сустрэцца з Хрыстом у таямніцы цярпення і паслужыць Яму, аднавіць ці паглыбіць сваю веру праз ўчынкі любові і міласэрнасці. Асобы неверуючыя маюць шанец змяніць свае жыццёвыя погляды і сустрэцца з Хрыстом Міласэрным і Любячым, пабачыць хрысціянскую веру у справе.

8. Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

(г. Івацэвічы)

Што робім:

  • Праводзім забаўляльныя праграмы для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі з адзялення дзённага перабывання

Падзяліцца

Апытанне

Чым бы Вам больш хацелась займацца як валанцёру?

Убачыць вынікі

Loading ... Loading ...