Духоўна-малітоўныя сустрэчы для непаўнаспраўных людзей


Духоўна-малітоўныя сустрэчы для непаўнаспраўных людзей

Духоўна-малітоўныя сустрэчы для непаўнаспраўных людзей у валанцёрскім руху св. Мікалая кожны раз праходзяць па-новаму: мяняюцца тэмы, паводзіны і настрой удзельнікаў. Аднак заўсёды застаецца нязменнай атмасфера любові, цеплыні і натуральнасці. Як дома. Бо дзе мы хочам пачуваць сябе, як за каменнай сцяной? Дзе нас любяць. У доме Божым, у супольнасці аднадумцаў і дзетак аднаго Бацькі! У такім ладзе прайшла чарговая сустрэча для людзей з абмежаванымі магчымасцямі на тэму “Царква”. Простыя пытанні: “Дзе вы знаходзіцеся? Што ёсць Царква?” І па-дзіцячы шчырыя адказы: “Там, дзе моляцца, там дзе каяцца, там, дзе Бог…” Але простасць і дзіцячасць адказаў была толькі напачатку. Потым адбылося міжвольнае, але сапраўднае паглыбленне ў тэалагічную тэрміналогію. Хто такія святыя, евангелісты, навошта споведзь, што значыць малітва, прынцып адлюстравання святых на іканастасе, для чаго служаць прадметы таго ці іншага царкоўнага начыння і г.д. Можа, для верніка-практыка гэта ўсё і знаёма, але не для людзей, якія пачынаюць рабіць першыя крокі насустрач Хрысту. Хочацца сказаць, што ўдзельнікі сустрэчы рабілі іх упэўнена. Згадзіцеся, не кожны чалавек, які лічыцца ў грамадстве паўнацэнным, можа без усялякіх прымхаў і забабонаў пагаварыць па гэтых пытаннях. Таму цудоўна, калі людзі з дыягназам алігафрэнія ці ДЦП слову “Царква” даюць азначэнне “сукупнасць вернікаў”, а святыя ў іх уяўленні тыя, хто моліцца Богу, дапамагае людзям, жыве па Божых запаветах.

Добрае слова пакідае значны след у душы любога чалавека, яно пакідае здольнасць нашай памяці ўзгадваць яго зноў. Добрае слова лечыць, бо ёсць праявай любові, якую дае нам Хрыстос. Хтосьці са святых сказаў: “Свет трымаецца на малітве”, а самай прыгожай малітвай, з якой мы можам звярнуцца да Бога з’яўляецца: “Божа, я спадзяюся на Цябе!”. Практыка духоўна-малітоўных сустрэч для непаўнаспраўных паказвае, што людзі, якія саромеліся ці не ведалі, як сябе паводзіць у царкве, распускаюцца кветкамі для Хрыста, спасцігаюць Яго праз малітву і евангелізацыю. І так, паступова, праз спачатку простыя пытанні, потым праз малітву і Слова Божае прыходзяць да Царквы і становяцца адным целам у Хрысце.

Падзяліцца

Апытанне

Чым бы Вам больш хацелась займацца як валанцёру?

Убачыць вынікі

Loading ... Loading ...