Экуменічная сустрэча ў Воршы

12 верасня адбылася экуменічная сустрэча паміж прадстаўнікамі грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстова (г. Віцебск) на чале з а. Зміцерам Грышанам і 1-ай аршанскай Царквой евангелскіх хрысціян баптыстаў на чале з пастырам Леанідам Дзямідчыкам. У рамках сустрэчы валанцёры абедзвюх Цэркваў падзяліліся ўзаемным досведам дабрачыннай працы ў г. Воршы і г. Віцебску і выразілі гатоўнасць супрацоўніцтва ў сацыяльным служэнні. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што не трэба звяртаць увагу на канфесійныя адметнасці і гістарычныя канфесійныя спрэчкі. Бо Той, хто нас яднае, ёсць значна большы за ўсе падзелы – гэта Хрыстос. Ён жа і навучыў нас любові да бліжняга. Таму ў служэнні ўбогім, у любові і міласэрнасці руйнуюцца ўсе муры, бо гэта заданне для ўсіх хрысціян. Удзельнікі сустрэчы таксама падкрэслілі важнасць правядзення падобных мерапрыемстваў і выразілі надзею, што яны ў Воршы стануць сістэматычнымі.