Малітоўны ўспамін блаславёнай мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай)


Малітоўны ўспамін блаславёнай мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай)

2 чэрвеня 2013 г.  Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква адзначала памяць Усіх Святых Беларускага народу. Для гарадзенскіх грэка-каталікоў гэта дзень асаблівага малітоўнага ўспаміну блаславёнай мучаніцы Мар’яны Бярнацкай (+1943 г.).

Пачаўся малітоўны ўспамін блаславёнай Мар’яны і Усіх беларускіх святых з Боскай Літургіі ў капліцы айцоў-рэдэмптарыстаў, дзе часова адбываюцца набажэнствы гарадзенскіай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай. Працягам малітоўнага ўспаміну сталася малітва Акафіста ў касцёле ў вёсцы Адамавічы перад цудатворным абразом Маці Божай. Касцёл у Адамавічах ніколі не зачыняўся – ні ў гады царскага пераследу, ні ў час пераследу камуністычнага, таму быў месцам малітвы для ўніятаў, якія патаемна захоўвалі вернасць Еднасці.

У Адамавічах удзельнікі малітоўнага ўспаміну паразважалі над фрагментам Евангелля ад Лукі, што ў візантыйскай традыцыі чытаецца на ўспамін мучанікаў, і над тым, як хрысціянам несці сваё сведчанне ў сучасным свеце.

Заканчэннем малітоўнага ўспаміну Блаславёнай стаўся Малебен аб памнажэнні любові каля вёскі Навумавічы, што ў 10 кіламетрах ад горада, на старых фартах часоў Першай сусветнай вайны, дзе ў часы Другой сусветнай вайны нямецкія нацысты праводзілі расстрэлы мірных жыхароў Гародні і ваколіц, і дзе аддала сваё жыццё блаславёная мучаніца Мар’яна (Бярнацкая).

Частка вернікаў парафіі Маці Божае Фацімскай разам з удзельнікамі гарадзенскага Хрысціянскага валанцёрскага руху св. Мікалая, нягледзячы на моцныя дажджы, прыйшлі ў Навумавічы з Гародні пешшу.

***

Блаславёная Мар’яна нарадзілася ў Ліпску (мястэчка знаходзіцца сёння ў Польшчы), у сям’і ўніятаў, гвалтам пераведзеных у праваслаўе. Ліпск належыў да ўніяцкага Аўгустоўскага дэканата, які ахопліваў таксама паўночную частку сённяшняга Гарадзенскага раёна і ўваходзіў у склад Холмскай уняцкай епархіі. Епархія праіснавала да 1875 г., і гэта адзіны рэгіён сённяшняй Беларусі, у якім уніяцтва не было знішчанае пасля Полацкага сабору 1839 года.

Дакладная дата нараджэння Блаславёнай невядомая, але прынята лічыць, што яна нарадзілася ў 1888 годзе. Падчас ІІ сусветнай вайны гэтая ўжо сталая  кабета  жыла разам з сям’ёй сына. Пасля забойства партызанамі ў Ліпску нямецкага жаўнера, акупанты ўзялі ў закладнікі мірных жыхароў мястэчка, сярод якіх  апынуліся сын і цяжарная нявестка Блаславёнай.

Калі ў дом Бярнацкіх зайшоў узброены нямецкі жаўнер, каб забраць сына і нявестку, то Мар’яна Бярнацкая пачала на каленях прасіць яго дазволіць пайсці самой на смерць замест цяжарнай нявесткі. Разам з іншымі закладнікамі, Мар’яну Бярнацкую  расстралялі на навумавіцкіх фартах 13 ліпеня 1943 г.

За подзвіг любові Святы Айцец Ян Павел ІІ далучыў мучаніцу Мар’яну да ліку блаславёных сярод 108 новамучанікаў з часоў ІІ Сусветнай вайны ў чэрвені  1999 г.

 

Падзяліцца
03 Чэрвеня 2013 | Раздзел: Гродна, Спадчына

Апытанне

Чым бы Вам больш хацелась займацца як валанцёру?

Убачыць вынікі

Loading ... Loading ...