Валанцёры Руху святога Мікалая падводзяць вынікі дабрачыннай акцыі ў Гародні


Валанцёры Руху святога Мікалая падводзяць вынікі дабрачыннай акцыі ў Гародні

За шэсць тыдняў, пакуль у Гродне доўжылася акцыя па зборы дабрачынных ахвяраванняў “Калядныя паштоўкі на карысць хворых дзяцей”, валанцёры зрабілі сотні паштовак, якія разыходзіліся вельмі хутка.

Такім чынам удзельнікі гродзенскага хрысціянскага валанцёрскага Руху св.Мікалая, што дзейнічае пры грэка-каталіцкай парафіі Маці Божае Фацімскай, збіралі сродкі на карысць дзяцей з абмежаваннямі.

Вольга, валанцёр руху святога Мікалая:

–         Ахвяраванні складалі і знаёмыя, і незнаёмыя людзі. Некаторыя даведваліся пра збор сродкаў праз інтэрнэт, некаторыя – праз знаёмых, ахвяравалі парафіяне, самі валанцёры, нашы знаёмыя і калегі.

Мы рады, што адгукнулася шмат людзей, што людзі такія ахвярныя і гатовыя прыйсці на дапамогу.

Мы не паспявалі рабіць паштоўкі.

Некаторыя людзі клалі ахвяраванні, а паштоўкі не бралі, каб яны засталіся іншым.

 

Частка сабраных сродкаў пайшла на падрыхтоўку падарункаў дзецям з абмежаванымі магчымасцямі.

У Дзень міласэрнасці дзеці атрымалі падарунак, куды ўваходзіў вялікі набор фламастараў, каляровыя ручкі, дзве шакаладкі, два агульных сшыткі, шампунь, гель для душа і зубная паста.

Астатнія сродкі пойдуць на салодкія падарункі дзецям і забеспячэнне дзейнасці валанцёраў.

Душпастыр гродзенскіх грэка-католікаў а.Андрэй Крот:

– Паміж Раством і Новым годам рыхтуем святочную праграму для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і невялічкія падарункі для іх, якія набудзем за ахвяраваныя за паштоўкі сродкі.

Для заняткаў з хворымі дзецьмі патрэбны каляровая папера, пластылін, фламастары, фарбы, гульні, складанкі, цацкі, гігіенічныя сродкі,  часам узнікаюць нейкія пільныя патрэбы.

Усё гэта таксама будзем набываць з ахвяраваных грошай.

Хачу падзякаваць усім, хто далучыўся да акцыі.

Багаты не той, хто мае шмат грошай, а той,  хто ўмее дзяліцца.


Хрысціянскі валанцёрскі Рух св. Мікалая паўстаў у 2007 годзе.

З 2009 году дзейнічае пры гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі.

Рух экуменічны і незалежна ад канфесійнай прыналежнасці яднае людзей добрай волі, якія хочуць бескарысліва дапамагаць тым, хто ў патрэбе.

 

 

Падзяліцца

Апытанне

Чым бы Вам больш хацелась займацца як валанцёру?

Убачыць вынікі

Loading ... Loading ...