Міжпарафіяльны летнік у Івацэвічах для дзяцей


Міжпарафіяльны летнік у Івацэвічах для дзяцей

Хрысціянскі летнік для дзетак-2016 маімі вачыма, або гісторыя пра тое, як усё ж любіць Божанька Сваю Царкву і якімі цудамі абдорвае ўсіх нас
Напэўна мне ўсё ж трэба выказацца. Дакладней,выпісацца. Бо летнік не адпускае. Бо сэрца маё яшчэ з дзецьмі. Ведаеце, яшчэ да пачатку ўсім нутром разумела – чамусьці гэты летнік вельмі патрэбны Богу. Бо з дзеяннем злога мы ўсе сталі сустракацца яшчэ перад ад’ездам. Мы ўсе сутыкнуліся са спакусамі – не ведаю,ці хацелася ехаць туды камусьці наогул.
Гэты летнік паказаў мне,наколькі мы,людзі,слабыя істоты,якія без Ласкі Божай не могуць рабіць анічога. Бо кожны дзень хацелася ўсё кінуць і з’ехаць. Дарослых нас было мала – дзяцей многа. Нам трэба было нагатаваць на трыццаць чалавек,прыбраць,памыць посуд,далучыцца да гульняў а пасля зноўку станавіцца за пліту. На другі дзень арганізм кожнага стаў здаваць. На фоне стомленасці пачалі абвастрацца нашыя хібы. Часам адчуваліся непаразумелкі і раздражненне паміж дарослымі. Але кожны з нас разумеў – д’ябл блізка. Таму мы намагаліся трымацца разам. Мая стомленасць стала злучацца з карэннем сябе за недахоп любові. Я казала сябе,маўляў,што я раблю тут,калі мне наўпрост няма чаго даць гэтым дзецям? На фоне гэтага мне хацелася зашыцца кудысь і рабіць самую незаўважную справу. Але гэта мала атрымлівалася,бо кінуць кагосьці было нерэальна – стомленныя былі ўсе. Праз адчуванне сваей нявартасці гэтага служэння ў мяне адпала жаданне хадзіць і на службы. Але “трэба ж з дзеткамі паспяваць.і трэба за іх маліцца”. Гэта мяне на той момант толькі і цягнула.Аднойчы была катэхеза для дзетак,якая тычылася літургікі. Алена задала дзеткам такое пытанне “навошта хадзіць на літургію,калі Бог паўсюдны і Яму можна маліцца і проста так?”. Дзяцей гэта збянтэжыла. Скажу,што не толькі дзяцей. Але 13-гадовая Міхалінка,якая ў суботу прымала маленькага Ісуса ўпершыню,ціха адказала:”я заўжды Бога аб нечым прашу. А на літургію я прыходжу,каб проста пабыць з Ім і падзякваць”. І стала сорамна за сябе. І на службу не пайшла,але пабегла.
Летнік паказаў мне,на што здольны чалавек, калі яго бреннае знясіленнае цела бярэ ў рукі Госпад. Стомленасць накоплівалася. Спачатку я стала карыць сябе за слабасць,што я ўжо пасля абеда не магу стаяць на нагах. Але пасля зразумела – так ва ўсіх. І падавалася,што цяпер праз кожную дробязь унутры расце выбух. Напэўна ён здарыўся падчас нашага апошняга вогнішча ў мяне. Калі я, закрыўшыся ў пакоі, стала выліваць сваю саленую вадкасць.Ад жудаснай стомы. Ад бяссілля. Ад таго,што яны плакалі па нейкіх прычынах. Ад таго, што я не магу вырваць сваё сэрца, каб залячыць іх раны. Што дзесьці і штосьці я магла бы больш і з большай любоў… Уваходзіць Айцец Алесь. Штурхае разам з ім паехаць у краму – праветрыцца. Едзем. І тут мяне прарывае:”айцец, скажыце, чаму калі Бог дае нам магчымасці паслужыць дзецям,чаму, ну чаму Ён не дае сілы? Мне падаецца,што ўсе іх я патраціла на кухню,посуд, перманентную стомленасць і шкадаванне сябе…”. Айцец памаўчаў, а пасля сказаў:” Калі нашыя сілы даходзяць да канца,калі мы болш не можам,але крочым і нешта робім, тады нашае сэрца пашыраецца.І тут трэба давяраць Богу. Што мы не можам па шчалчку нешта зрабіць. Што нават нашая прысутнасць нясе Божую любоў гэтымдзецям”. І тады мне трэба было пачуць гэта. Нашыя сэрцы пашыраюцца… І ад гэтага нейкі слодоч разліваецца па сэрцу. Па пашыраных яго частках. Бо там,дзе яно пашыраецца, там пачынае дзейнічаць Бог.
Праз гэты летнік Бог паказаў мне прыгажосць дзяцей. Разам з імі хацелася смяяцца,калі яны з нас прыкалваліся. Разам з імі хацелася маліцца,калі яны так шчыра маліліся да Бога. Кастусік пасля абеду чакаў-чакаў малітвы. Не дачакаўся,выйшаў наперад і пачаў лідыраваць сам: “Дзякуем Божа за твае дары..”,прытанцоўваючы. А пасля ўвайшоў у густ і стаў маліцца “Магутны Божа”. Нехта тады сказаў:”Кастусь,толькі паспрабуй не паступіць у семінарыю!”. Дзіянка-дзяўчынка падлетак у Царкву не ходзіць. Яна на летніку шчыра намагалася зразумець,навошта туды хадзіць,калі не хочацца. Але больш за ўсіх яна падбадзервала нашую Міхалінку,якая рыхтавалася да першай сповдезі. Больш за ўсіх абдымала яе пасля і марафеціла яе перад. Лізачка,9 гадоў,плакала горкімі слязьмі і казала,як ёй не хапае маміных абдымкаў і пацалункаў ужо цэлы год! Альжбэта – неверагодна чыстая і таленавітая дзяўчынка,якая ўсім сэрцам любіць Бога.
Асабліва ўразіла мяне і,думаю,дзяцей гульня “Шлях на пір да Валадара”. Гэтая гульня – прататып нашага зямнога жыцця. Мэта дзяцей – трапіць за Браму да Валадара. Але каб туды патрапіць,трэба было прайсці станцыі з самымі жорсткімі спакусамі. Калі прайшоў – табе медаль. І напрыканцы да Валадара можна было трапіць толькі ўзяўшы ўсе медалі і не страціўшы ніводнага дзіцёнка з каманды. Спакушала дзяцей цыганка,якая прапаноўвала паваражыць і падарыць амулет “на удачу” з чартапалоха. Некаторыя нават не звярталі ўвагу на яе,некаторыя казалі,што ў іх ёсць Бог, а некаторыя бралі той прыдуманы чартапалох “нуу на ўсялякі выпадак”. Спакушалі і мясной ежай у пятніцу, і гульнёй у Уна, калі усе мусілі спяшацца да Валадара,і халяўным медалём…. Я спакушала іх пыхай… Абірала з каманды ахвяру і ўзвялічвала яе,прыніжаючы тым самым іншых. Шчыра – у гэтыя хвіліны сябе ненавідзела. Маленькія дзеці сталі крыўдзіцца. Маленькая Аня кажа:”я таксама ўмею спяваць!”. Але дзеці сталі абараняць адзін аднога. Называлі таленты іншых. А Алесік,11гадоў, сказаў так:”У нас ёсць вера. А што няма талентаў – гэта няважна”. Самыя моцныя спакусы ў гэтай гульне даў пірат. Ён злавіў дзіценка з каманды і патрабаваў узамен адзін медаль – “За веру”,які даваўся,калі каманда паспяхова не паддалася на спакусы цыганкі. Тут дзеці ледзь не плакалі. Яны шчыра хацелі ўратаваць свайго сябра. Але аддаць яму сваю веру….. Але ў выніку яны ўратоўвалі сябра. А ў камандзе хлопчыкаў той жа Алесь прапанаваў сябе аддаць замест сябра…. Сам. Яго памянялі,а каманда пабегла далей,пакінуўшы яго ў пірата. А пасля вярнулася. Аддаўшы пірату гэты злашчасны медаль за Алеся. Каля брам ля дома Валадара стаяў айцец Алесь і сустракаў каманды. Дзеці распавядалі яму наперабой пра спакусы і ва ўсіх не хапалаа па аднаму медалю – яны аддалі яго за сяброў. І тут яны пабачылі міласэрнасць Божую. Ойча даў ім гэтыя медалі,бо,вядома,няма большай Любові,чым душу аддаць за сяброў сваіх… І дзеці заходзілі ў браму. І брама зачынялася. І іх чакаў пір. Пірагі, пяэчэнькі,ёгурты. Яны бегалі,кувыркаліся па траве. Свяціла сонца. І я адчула шчасце. Напэўна, на адну мільённую,як у раі.
Летнік адкрыў мне наноў і нашых дарослых. Каця – той чалавек, які зрабіў атмаферу летніка. Яна прывезла сумкі з карункамі тканінай, клеямі і прычандаламі для дэкупажу. Дзеці гатовы былі гадзінамі сядець размаўлеўваць камяні,круціць птушачак з травы і рабіць бранзалеты. Каця падымалася самая першая і гатавала сняданак. Каця клалася самая апошняя. Бо ўначы мы праводзілі час у капліцы. Бо падавалася што ўсё, што больш немагчыма. А памаліліся – і Божанька сілаў даў на ранак. Пад канец летніку ў Каці збялеў твар ад стомы. Але яна гладзіла дзетак па галоўках, рабіла ім бутэрброды і перакусы. А яшчэ кожны вечар абдымала мяне і казала”Вікачка,мы вытрымаем. Дзеткі ж нашыя…неверагодныя!”. І мы са смехам узгадвалі іх прыгоды за дзень. Матушка. Калі стомленасць яе адпускала,яна лётала з дзецьмі – сваімі і казённымі – адначосова, варыла шчы на ўсіх і рабіла выцінанкі. А як накрывала стомленасць,яна ішла мыць посуд. Шчабятала,жартавала,спявала і танчыла. У гэтым уся Матушка. Святло нашага летніку. Алена. Без яе летнік не адбыўся б. Яна дзяцей катэхізавала,навучала. Калі б яе не было б, з намі дзеця б напэўна б сядзелі і шчолкалі семкі. З Аленай – дзеці былі пры справах. І кожную замінку яна магла пераўтварыць у нейкі шэдэўр. Айца Алеся я адкрыла для сябе наноў. Найперш,як жартаўніка. Матушка:”я паміраю,Айцец”. Айцец:”ну,у мяне зараз хрост. Хрысціць і адпяваць адначасова не змагу. Пачакай трошку…” Айцец яшчэ і кухар. Калі мы акарчавалі зусім,бацюшка наш браў і гатаваў афігенскую вячэру на ўсе 30 персонаў. Сім – гэта быў любімчык дзетак. Ён ім і руханку,і пакатушкі на спіне,і сувора-лагодны рэжым. І Мікола – цярплівасць дзетак. Ён мог гадзінамі сядзець з хлопцамі і майстрыць нешта,і майстрыць…
Летнік паказаў мне,што такое любоў. Я зразумела,што проста ладзіць акцыі падчас асвячальнай Ласкі Божай – досыць проста. А калі ты сам нібыта ў прастрацыі і табе трэба любіць – гэта складаней. І так,любоў – не пачуцці. Любоў – учынкі. Пры тым,ты нават не ўсведмаляеш,для чаго і чаму ты гэта робіш. Напэўна таму,што ведаеш ( адчувалкі тут ужо не спрацоўваюць), што любіш,як можаш,па свойму,па-нявартаму,Бога.
І так,летнік Богу быў патрэбны. Я адчула гэта,калі 7-гадовая Аня хлопала сваімі велізарнымі вачыма,кажучы:”я хачу цяпер хадзіць у Царкву”. Калі Дзіяна сказала:”цяпер я буду хадзіць у нядзельную школку. І прыязжаць з Заслаўя!”. Калі дзеці,якія цярпець не маглі хадзіць на службы,на апошняй, калі Міхаліна прымала першае Прычасце,сталі раптам як салдацікі сур’ёзныя і пеўчыя,бо прыпалі тварамі да спеўнікаў і разам з намі заспявалі. І так,айцец Алесь мае рацыю. Па-чалавечы пэўна заўжды будзе падавацца,што не выклаўся,што не дадаў,што недалюбіў. Але “Мае думкі- не вашыя думкі, вашы шляхі – не Мае шляхі, кажа Госпад” (Ісая 55:8). І зараз у сэрцы супакой. І крышачку адбіткі стомленасці. І ўдзячнасць. За ўсіх. І што на сваім месцы. І што Госпад жывы. І мы змглі крыыыышачку гэта адчуць.
З.Ы. І калі раптам калі-небудзь узгадаеце,памаліцеся за дзетак з гэтага летніку. Яны неверагодныя! І так хочацца,каб нішто іх у будучым не адвярнула ад Бога. Каб гэтыя дзеткі праз якіх дзесяць гадоў былі Жывой Вадою ў Царкве,якую так любіць і так люляе наш добры Бог. (Віка)

Падзяліцца
21 Жніўня 2016 | Раздзел: Івацэвічы

Апытанне

Чым бы Вам больш хацелась займацца як валанцёру?

Убачыць вынікі

Loading ... Loading ...