Завяршэнне Акцыі “Св. Мікалай ідзе да дзяцей”

Перад пачаткам Вялікага Посту завяршылася акцыя “Св. Мікалай ідзе да дзяцей”, арганізаваная валанцёрскім рухам св. Мікалая, каардынацыйны цэнтр якога знаходзіцца пры нашай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску.
Згодна з ідэяй акцыі, кожны жадаючы ў перыяд святаў Божага Нараджэння мог на нейкі час стацца Святым Мікалаем і падрыхтаваць падарунак для пэўнага дзіцяці з дзіцячага дома альбо з небагатай сям’і. Сабраныя з акцыі падарункі валанцёры раздавалі дзецям падчас калядных пастановак у дзіцячых інтэрнатах і прытулках. Таксама, падарункі патрапілі да бедных і патрабуючых сем’яў і да асобаў з абмежаванымі магчымасцямі. У выніку радасць атрымалі каля 350 чалавек з розных куткоў Беларусі.
Не менш важным вынікам стала тое, што падарункі булі сабраныя, менавіта, нашымі беларускімі вернікамі, якія шчыра хацелі падзяліцца часцінкай сваёй хрысціянскай любові і запаліць маленькі вагенчык радасці ў дзіцячых вачах. Мы маем вялікі ўласны патэнцыял добрых людзей, які ёсць, таксама, блаславеннем для ўсёй нашай краіны.
Асабліва хацелася б падзякаваць усім валанцёрам, якія знайшлі час і сілы, каб арганізаваць вечары, музычныя і тэатральныя выступы ў дзіцячых дамах і пайсці туды з радасцю Хрыстовага Нараджэння; пайсці да дзяцей і паказаць ім Бога. Бога – які ёсць Любоў.
Валанцёры ёсць вялікім дарам нашай Царквы, а таксама прыкладам практычнай рэалізацыі Хрыстовай навукі. Хрысціянскае валанцёрства, у той ці іншай меры, гэта заданне для кожнага верніка, так як вера ў Ісуса Хрыста не можа быць тэарэтычнай, але заўсёды шукае канкрэтных і практычных крокаў. З іншага боку валанцёрства ёсць, таксама, крокам хрысціянскай адказнасці, бо за добрыя ўчынкі, асабліва зробленыя для найбольш патрабуючых, Бог бласлаўляе не толькі самога чалавека, але і ўвесь яго род.
Хацелася б шчыра падзякаваць і ўсім святарам, якія спрычыніліся да правядзення Акцыі на сваіх парафіях, якія пільна чувалі над яе паспяховым правядзеннем.
-
http://%/daycjoa0613 jesse