Летнік для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі і валанцёраў


Летнік для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі і валанцёраў

Хачу крыху падзяліцца сваімі думкамі пра Летнік-2017 у Полацку для людзей з асаблівасцямі развіцця.
Ведаеце, у маім жыцці гэта самае цудоўнае, духоўнае і Богам натхнёнае служэнне. Першае, што я пачула ад непаўнаспраўнай Сашы, калі яна прыехала, так гэта:”Я яго кінула, бо ён шчапаўся!”. І тады зразумела, што на гэтым летніку я буду шмат і доўга смяяцца. Так і было. Мы ўсе атрымалі неверагодную дозу жыццярадаснасці.
Я памятаю свой першы летнік,. калі я толькі-толькі прыйшла ў Царкву. Я памтаю, як пабачыла гэтых людзей і..стала хавацца ад людзей. Я плакала, заціскалася, ірвалася назад, дадому, бо не ведала, не разумела, як сябе з імі паводзіць. Бачыла, як Матушка Людміла жартуе, усміхаецца, а я толькі хаджу насупіўшыся і толькі мыю бясконца посуд, каб хоць бы неяк паслужыць. Пасля былі паходы ў тэрытарыяльныя цэнтры, дзе мне таксама было боязна, няўпэўнена, але ўжо лягчэй. Мне падавалася, што для гэтага служэння патрэбны такі рухавік-гульнявік, які з лёгкасцю можа запоўніць вольную хвіліну, разварушыць і ў любы момант узгадаць патрэбную гульню. А я… Я толькі магу, што намагацца весці задушэўныя размовы, толькі не так часта яны камусьці патрэбныя. Але памкненне служыць было. І гэты летнік паказаў, што ўсе мы ідзем праз церні да зорак. Ён быў для мяне вельмі лёгкім і духоўным. Ён паказаў, як важна працаваць у камандзе. Важна,бо як ніколі праяўляюцца Божыя дары, якія пачынаюць працаваць. Як важна, даверыўшы камусьці заданне, нічога не перайначваць, не адбіраць яго, не даваць таму, хто зробіць лепш, а працягваць давяраць чалавеку. На гэтым летніку знайшлося месца і мне, каб паслужыць тым, што, падавалася, не патрэбна ў гэтым служэнні. Штодня па групках мы разважалі, слухалі, раілі нешта адзін аднаму. А пасля мы маліліся адзін за аднаго. І ў гэтых малітвах было столькі перажыванняў, столькі слёз, чыстых і радасных. І калі дзве нашыя дзяўчынкі,, непаўнаспраўныя пайшлі, не, пабеглі да споведзі, не было для мяне большай радасці.
На гэтым летніку я зразумела, як жа Богу да спадобы, калі Ён знаходзіцца ў цэнтры. Можна рабіць шмат добрых справаў, але па-сапраўднаму Бог дзейнічае ў сэрцах тых, для каго мы нешта робім, тады, калі мы даем Яму дзейнічаць. сёлета мы шмат маліліся. Апроч Літургіі. Мы шмат маліліся за іншых, мы шмат чулі просьбаў ад нашых адпачываючых. І гэта каштоўна. Калі ты так часта сам не можаш адкрыцца перад іншымі… Тут ты бачыш, як гэта проста і шчыра насамрэч можна зрабіць.
Гэты летнік навучыў мяне адказнасці. Тут ужо не да начнога тусачу. Тут ужо думаеш, як гэта раней падняцца, каб пабудзіць усіх у час і правесці ў час руханку, бо, як заўжды ж, будзем дрыхнуць… ))))) І хтодзіш, будзіш незадаволеных.. валанцёраў, бо дзеці ж нашыя ўжо даўно падняліся, міла ругаюцца там унізе і намазваюць канапкі пад кіраўніцтвам Светусіка і Натусіка. І ты зноўку прыходзіш у сябе пасля сну пад “Віка, уяўляеш Артур усю ноч храпеў” і “Я зноўку цябе кідаю”, “Ты,Аляксандра, баба-рэмба”, умываешся на вуліцы халоднай вадой, ставіш музычку, разам з усімі робіш руханку. А пасля Каця з гітарай спявае “Хрысціянін танчыць, танчыць, танчыць, танчыць…” Усе танцуем, рухаемся, молімся. І табе ў вочы свеціць раняшняе сонца. І, падаецца, што ты пачынаеш вучыцца таму, чаго так даўно прасіў у Госпада, – навучыцца жыць і быць тут і зараз.
На пачатку летніка Айцец Аляксандр сказаў: “Гэтае служэнне вельмі каштоўнае для Бога”. Раней я не задумвалася пра гэта. Але да мяне прыйшла думка, што я магу ахвяраваць гэта на вырашэнне сваіх пэўных жыццёвых сітуацый. І кожны дзень альбо размовы, альбо веянне Духа Святога на Літургіі, або нечый учынак прасвятляў мне вочы, наталяў мяне духоўна. І я зразумела, сапраўды, гэтае служэнне вельмі каштоўнае ў Божых вачах. такое каштоўнае, што мне штодня падавалася, што мы сядзім і вячэраем за Яго сталом.
А яшчэ вучышся быць больш чуллівым і ўважлівым, вучышся разумесць без слоў. Бо размаўляць могуць не ўсе… І пад канец ты разумееш, што чеуш словы, якія не вымаўляюць. Чуеш, бо навучыўся чытаць па вачах, рухах, жэстах і асаблівай мелодыі кожнага сэрца.
А яшчэ летнік добра апускае ўласную зорнасць. І разумееш, што вартасці ў табе насамрэч мала. І бачыш дагэтуль сакрытыя хібы і ўчынкі, якія не вельмі добра цябе характарызуюць. І нехта можна праглынуць гэта як смачную цукерку, якую будзе перажоўваць дзясяткі раз задавальненнем, але для Госпада каштоўны рух наперад.
Для таго, каб пачаць служыць, не трэба адчуваць асаблівых пакліканняў. Падаецца, гэта тое, што можа рабіць кожны. Варта толькі знайсці свой спосаб. Бо Госпад дае таленты для таго, каб іх раздаваць іншым.
Дзякуй кожнаму, хто быў. Кожны для мяне быў каштоўнасцю. Асабліва дзякуй любімым Шыбекам. Без якіх не было б нічога. Якія адгукаюцца на покліч Божы. Ідуць і робяць. Ідуць і даюць магчымасць служыць іншым.
Дзве ночы я ўжо дома. Але я заплюшчваю вочы – і перада мной Хрыстос на абразку ў Полацкай Царкве. “Я гляджу на Яго, а Ён глядзіць на мяне”. І становіцца ўсё лёгкім і каштоўным. І становіцца ўсё простым. “Жыццё такое простае”. Думалася мне перад тым, як у электрычцы дадому я правалілася ў сон. І нават у сне мне падавалася, што вось можа нехта зараз падыйсці, пачаць шчакатаць або шчапацца ці проста абняць. Прынамсі, да будучага году мне будзе цяпер гэта толькі сніцца. (Вікторыя Чаплева)

Падзяліцца

Апытанне

Чым бы Вам больш хацелась займацца як валанцёру?

Убачыць вынікі

Loading ... Loading ...