“Паломніцтва Даверу” у Вільні


“Паломніцтва Даверу” у Вільні

З 1 па 3 мая ў Вільні адбылася міжнародная сустрэча моладзі “Паломніцтва даверу”, якую арганізавала экумінічная супольнасць Тэзэ. У сустрэчы прынялі ўдзел больш за 5000 маладых людзей з усёй Еўропы, у тым ліку і з Беларусі (Мінску, Віцебску, Івянца, Гародні, Полацку, Глыбокага і іншых гарадоў). Арганізатарам пілігрымкі ад нашай вобласці выступіла Віцебская дыяцэзія.
Супольнасць Тэзэ была заснавана ў 1940 годзе ў аднайменнай вёсачцы ў Бургундыі (Францыя) і сёння аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій – рыма- і грэка-каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў.
Праграма “Паломніцтва даверу” складалася з супольных малітваў, семінараў, таксама заставаўся час для для экскурсійных прагулак па горадзе і новых знаёмстваў. Жылі пілігрымы ў літоўскіх сем’ях. Падчас вячэрняй супольнай малітвы царква святога Яна, якая з’яўляецца часткай архітэктурнага ансамбля Віленскага універсітэта, і плошча перад ёй цалкам запаўняліся паломнікамі, турыстамі і мясцовымі жыхарамі. Цікавымі момантамі супольнай малітвы былі час пакланення Распяццю, якое звычайна кладзецца плазам, а не ставіцца вертыкальна, і “служба Святла”, калі ўсе удзельнікі маліліся са свечкамі ў руках. Таксама было чытанне ўрыўкаў з Евангелля на розных мовах свету (у тым ліку і на беларускай) і вытанчаны цудоўны спеў шматтысячнага хору, прыгожых маладых галасоў. Адным з элементаў кожнай супольнай малітвы з’явілася маўчанне (каля васьмі хвілін) – час паяднання з Богам і з усім светам. У першы і другі дзень праводзіліся семінары, прысвечаныя пытанням духоўнага жыцця чалавека, маральна-этычным і сацыяльным праблемам. Вось тэмы некаторых з іх – “Мова сімвалаў праваслаўных ікон”, “Працягні руку жабраку, і ён прывядзе цябе да Бога”, “Біятэхналогія і чалавечая годнасць”, “Стварэнне сям’і ў сучасным свеце”, “Розніца паміж хрысціянскай верай і эзатэрыкай” і інш.
Падчас пілігрымкі моладзь з Віцебшчыны наведала шмат цэркваў і цікавых мясцін Вільні, пазнаёмілася з удзельнікамі сустрэчы розных краін Еўропы, адчула гасціннасць літоўскіх сем’яў, а галоўнае – умацавалася ў хрысціянскай веры.

Падзяліцца
03 Траўня 2009 | Раздзел: Іншы свет, Валанцёрская фармацыя+

Апытанне

Чым бы Вам больш хацелась займацца як валанцёру?

Убачыць вынікі

Loading ... Loading ...